Калі пра такіх людзей як жыхар Лёзна Віктар Міхальчанкаў гавораць, што яны - "людзі з абмежаванымі магчымасцямі", хочацца паспрачацца. Ён нарадзіўся ў 1975-м. Лёс не даў здароўя і шчасця проста хадзіць. Але ж далі яму вышэйшыя сілы шчырую душу, любоў да людзей і зямлі, дзе ён жыве. І вялікую працаздольнасць. Ён, фактычна не выходзячы з дому, адкрыў свету родны куточак Беларусі. Перанёс Лёзненшчыну ў віртуальную рэальнасць. Стварыў "Сайт пасёлка гарадскога тыпу Лёзна", "Лёзна-арт" (сайт пра творы людзей, чыя творчасць так альбо інакш звязана з Лёзна), сайт па матэрыялах кнігі "Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна".
Я пабываў у гасцях у Віктара. У прыватным доме, дзе ён жыве з бацькамі і сястрой, якая, на жаль, таксама "прыкавана" да інваліднай каляскі, чысціня. Як расказалі мне ў райвыканкаме, бацька Віктара - электрык экстракласа. Нават не верыцца, што гэты вельмі энергічны чалавек збіраецца на пенсію. Маці - хатняя гаспадыня, даглядае дзяцей. Сястра Ірына ва ўсім дапамагае брату. У прыватнасці, робіць фотаздымкі, бо ў яго руках фотакамера - рэч, якую цяжка трымаць.
Ведае хлопец некалькі так званых офісных праграм і Інтэрнэт-тэхналогій, можа ўстанаўліваць праграмнае забеспячэнне. І, канешне, стварае сайты, якія наведваюць нават жыхары ЗША, Чэхіі, іншых краін свету. І не проста дзеля інтарэсу. Просяць іншаземцы знайсці сваякоў. А яшчэ Віктар дапамог высветліць дакладнае месца пахавання некалькіх загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Зразумела, робіць ён усё гэта бясплатна. Каб атрымаць неабходную інфармацыю, ды і весці перапіску, штодзень выходзіць у Інтэрнэт. А для чалавека, які атрымлівае маленькую пенсію па інваліднасці, нават 40 тыс. у месяц плаціць за выхад у Інтэрнэт вельмі складана.
Наколькі я адчуў, Віктар і яго сястра, нягледзячы на цяжкія захворванні, аптымісты па жыцці! І пасля сустрэчы з імі ўласны песімізм і праблемы большасці знаёмых паказаліся мне такімі штучнымі і дробнымі.