Лёс калышанскай царквы Архістраціга Міхаіла

Лёс калышанскай царквы Архістраціга Міхаіла

Лёс калышанскай царквы Архістраціга МіхаілаЗ запіса ў "Апытальны ліст пра царкоўныя і манастырскія архівы".
Дадзены дакумент апроч асноўнай інфармацыі ўтрымлівае ў сабе яшчэ крыху дадатковых цікавых звестак. Напрыклад, тое, што храм быў пабудаваны ў 1864 годзе самімі прыхаджанамі і названы ў гонар Архістраціга Міхаіла - правадыра нябеснага воінства. Царква была драўлянай і мела адзін прастол. Наконт архіва паведамлялася наступнае. Ён знаходзіўся пад наглядамі царкоўнага савета, але фактычна ім загадваў святар - айцец Мікалай. Архіў захоўваўся ў рызніцы ў шафе. Адначасова у анкеце зазначалася, што месца гэтае - небяспечнае для ўтрымання тут разнастайных папер, бо і шафа, і сама царква - драўляныя.

Сам архіў аказаўся дастаткова багатым і змястоўным. Ён складаўся з царкоўнага летапісу за 1872-1873 і 1877-1909 гады, клірных ведамстваў, метрычных кніг за 1835-1840 ды 1918-1925 гады (узгадаем, што астатнія былі забраны з царквы яшчэ ў 1918 годзе), запісаў споведзяў 1891 года і 1913-1925 гадоў, шлюбных вышукаў, што занатоўваліся з перапынкамі ў 1827-1904 гадах, прычым да 1833 года запісы тут вяліся на польскай мове, пяці прыхода-расходных кніг, якія ахоплівалі 1843-1904 і 1917-1919 гады. Таксама ў калышанскай царкве быў выяўлены тэкст літургіі, датаваны 1846-м годам. Левая старонка была напісана на "славянскай" мове (верагодна, на стараславянскай), а правая з тым жа самым тэкстам - на яўрэйскай. У рэшце рэшт, агульная змястоўнасць і якасць архіва была вызначана камуністамі ў такіх адзінках вагі, як пуды і фунты. Згадзіцеся, больш мэтазгодна вызначаць агульную колькасць кніг і іх храналагічны ахоп. Хаця, яшчэ невядома, для якіх мэт прыхільнікі Саветаў збіраліся выкарыстоўваць царкоўны архіў. Дык вось, усе матэрыялы важылі 6 пудоў 20 фунтаў (ці 106,47 кілаграма). Што датычыцца бібліятэкі калышанскага храма, то яна змяшчала ў сабе кнігі, неабходныя для набажэнстваў. Кнігі рэлігійнага зместу і газеты "Епархіяльныя ведамасці".

У той жа дзень ахвочыя да чужога багацця камуністы старанна агледзелі ўнутранае ўбранне царквы. Ім удалося выявіць "распяцце драўлянае на ахвярніку польскага ўплыву на рэлігію" і "абраз Мікалая Цудатворцы каталіцкага пісьма часоў Уніі", на якім была выканана разьба па дрэве ў форме галінак.
Атрымліваецца, што хрысціянскі храм існаваў у Калышках яшчэ ў першай трэці XIX стагоддзя (самыя раннія матэрыялы царкоўнага архіва датаваны 1827-м годам). Магчыма, гэта быў каталіцкі касцёл ці, яшчэ верагодней, уніяцкая царква. Тады з 1839 года яна павінна была быць далучана да рускай праваслаўнай царквы. Можна меркаваць, што ў пачатку 1860-х гадоў будынак старога храма аказаўся ў дрэнным стане, і ўзнікла патрэба ва ўзвядзенні новай царквы, якое было завершана да 1864 года. Тады ж царква Архістраціга Міхаіла атрымала ў спадчыну не толькі ўсю маёмасць старога храма, але і абавязак несці людзям слова Боскае.

Дзякуючы архіўным матэрыялам, можна прасачыць, як адбывалася рабаўніцтва калышанскай царквы. Першапачаткова - 6 красавіка 1922 года сюды завітала спецыяльная камісія. Яе члены склалі спецыяльны акт, дзе старанна пералічылі ўсе каштоўнасці, якія меліся ў храме. Быў складзены Пратакол па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей. У дакуменце пералічваліся ўсе рэчы, вартыя ўвагі (усяго больш за 20 прадметаў). Развітваючыся, камуністы адразу пажадалі забраць з сабой два сярэбраныя паціры, два дыскасы, дзве звяздзіцы, дзве лыжачкі, сярэбраную даразакавальніцу, дараносіцу, карэц, вокладку ад «Евангелля», два сярэбраныя крыжы. «Шчодрыя госці», адчуўшы сябе гаспадарамі, пакінулі ў царкве "для часовага карыстання" пацір з невядомага металу, даразахавальніцу, дараносіцу, сярэбраны крыж, лыжачку, дыскас і звяздзіцу. Усе астатнія каштоўнасці святар пад асабістую адказнасць быў абавязаны здаць мясцовым уладам не пазней за 15 мая.

10 ліпеня 1922 года ў Віцебску сабралася губернская камісія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей. Камісія склала вопіс каштоўных прадметаў. У ім нарабаванае багацце з калышанскай царквы чамусьці пералічваецца дзвюма асобнымі часткамі. Спачатку запісаны восем прадметаў культу агульнай вагой 5 фунтаў 17 залатнікоў (у перакладзе ў сучасныя адзінкі вагі атрымліваецца 2.120,09 грама). Затым пазначаны яшчэ 16 прадметаў, у тым ліку 10 частак-накладак з «Евангелля». Усе яны разам важылі 5 фунтаў і 36 залатнікоў, альбо 2.201,22 грама. Значыць, усяго калышанская царква дала савецкай уладзе больш як 4,3 кілаграма срэбра.
Тое, што калышанская царква дзейнічала ў 1928 годзе, можна сцвярджаць з упэўненасцю. Бо ў "Спісе цэркваў і малітоўных дамоў усіх рэлігій па Віцебскай акрузе", складзеным у тым годзе, пад № 226 запісана калышанская праваслаўная абшчына ў мястэчку Калышкі Лёзненскага раёна. У гэты ж час быў складзены "Спіс служачых рзлігійных культаў, зарэгістраваных Віцадмаддзелам па Лёзненскаму і Высачанскаму раёнах на 1 кастрычніка 1928 года". Тут трэцім пазначаны Кулюкін Мікалай Іванавіч - святар з м. Калышкі. Дзесьці ў прамежку часу з канца 1928 года да пачатку 1930-га местачковая царква была зачынена.
Але 31 сакавіка 1930 года адбылася спроба вернікаў вярнуць сабе храм, выгначыць адтуль чужынцаў. Дзеля гэтага перад будынкам сельскага Савета сабралася каля 200-250 чалавек. Згодна з умовамі старшыні сельсавета, местачкоўцы, доўга не думаючы, сабралі подпісы і арганізавалі абшчыну.

Нягледзячы на свае абавязкі і праведзеную работу, прадстаўнік мясцовай улады не спяшаўся аддаваць храм ў распараджэнне веруючых, храм так і застаўся зачыненым. Але ён працягваў стаяць у Калышках яшчэ даволі доўга, бо на тапаграфічнай карце, складзенай у чэрвені 1941 года для генеральнага штаба Чырвонай Арміі, пазначана месцазнаходжанне гэтага культавага будынка.

Обработка В. Михальченков, автор К. Карпекин (ссылка на публикацию)

Оставить комментарий

Ваш email нигде не будет показанОбязательные для заполнения поля помечены *

*

x

Check Also

15-ый крестный ход «Общий путь – Одигитрия». Лиозно

Утром 5 августа участники и гости XV Международного православного молодежного фестиваля «Одигитрия» и присоединившиеся к ...